СУБО́РНАЯ СУБО́ТА, зборная субота, дзявочнік, дзявочы вечар, вянкі,

старадаўні звычай усх. славян наладжваць вечарынку ў маладой напярэдадні вяселля. Асн. змест С.с. — развітанне нявесты з дзявочай свабодай. На Беларусі ў суботу вечарам у доме маладой збіраліся яе сяброўкі, сваячкі, суседзі, прыбіралі нявесту, запляталі ёй касу, спявалі песні, вілі вянкі. У некат. мясцінах, асабліва на Палессі, да С.с. прымяркоўвалі абрад завівання вясельнага дрэўца: прыбіралі кветкамі вішнёвую, бярозавую ці яловую галінку — сімвал дзявоцтва. Часткова звычай бытуе і ў наш час (пераважна на З і ПдЗ Беларусі).

т. 15, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)